Святы князь Уладзімір з выбранымі святымі

На іконе побач з князем Уладзімірам (у першым радзе злева) выяўлены выбраныя святыя: 1-ы рад – свяціцель Міхаіл, прападобны Грыгорый; 2-і  рад – мучаніца Капіталіна, мучаніца Лідзія, мучанік Аляксандр, прападобная Марыя Егіпецкая, мучаніца Таццяна.

Святы князь Уладзімір I Святаславіч (у хрышчэнні Васілій; каля 960–1015) – вялікі князь кіеўскі (978–1015), Хрысціцель Русі. Сын вялікага князя Святаслава Ігаравіча ад ключніцы Малушы. У 970 г. стаў ноўгарадскім князем, у 978 г. захапіў кіеўскі пасад. У 988 г. абраў хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі Русі. У хрышчэнні атрымаў хрысціянскае імя Васіль. Вядомы таксама як Уладзімір Святы, Уладзімір Вялікі, Уладзімір Хрысціцель (у царкоўнай гісторыі) і Уладзімір Краснае Сонейка (у былінах). Праслаўлены Царквой як святы роўнаапостальны.

 

Прыняцце хрысціянства князем Уладзімірам у якасці адзінай дзяржаўнай рэлігіі мела выключнае значэнне для народаў Старажытнай Русі. Князь Уладзімір, сцвярджаючы хрысціянства, імкнуўся зрабіць Русь моцнай і адукаванай краінай па ўзоры Візантыі. Разам з хрысціянствам усходнія славяне пазнаёміліся з багатай візантыйскай традыцыяй, выкарыстоўвалі яе дасягненні ў галіне духоўнай культуры, архітэктуры, літаратуры, прынялі распрацаванае выбітнымі асветнікамі Усходняй Царквы святымі Кірылам і Мяфодзіем алфавітнае пісьмо. Сінтэз мясцовай і візантыйскай традыцый з’явіўся прычынай росквіту культуры Старажытнай Русі ў X–XIII стст.

Scroll to Top