Святая Еўфрасіння Полацкая

Св. Еўфрасіння (свецкае імя Прадслава; каля 1104 – 23.05.1173 ці 1167?) – полацкая князёўна, унучка князя Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Ва ўзросце 12 гадоў адмовілася ад дынастычнага шлюбу і прыняла манаскі пострыг. Заснавала жаночы Спаса-Праабражэнскі і мужчынскі Багародзічны манастыры, якія сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве. Сярод суайчыннікаў была вядома як справядлівы суддзя, дарадчыца і міратворац. Царкоўнае шанаванне святой пачалося, верагодна, яшчэ пры полацкім епіскапе Дыянісіі ў канцы XII ст. без афіцыйнай кананізацыі. У 1984 г. прылічана да Сабору Беларускіх Святых. Ушаноўваецца як асветніца і апякунка беларускай зямлі.

 

У 1161 г. па заказе Св. Еўфрасінні полацкім ювелірам Лазарам Богшам быў зроблены крыж-каўчэг для захавання хрысціянскіх рэліквій, сярод якіх былі кавалачкі Крыжа Гасподняга з кроплямі крыві Ісуса Хрыста, частка каменю ад гроба Маці Божай, часцінкі мошчаў раннехрысціянскіх святых. Крыж быў ахвяраваны полацкай ігуменняй Спаскай царкве ў заснаванай ёй абіцелі. Захоўваўся (з перапынкамі) у Полацку. У 1921 г. быў рэквізаваны савецкай уладай. У 1929–1941 гг. знаходзіўся ў Магілёве, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1997 г. святыня была адноўлена брэсцкім мастаком М. Кузьмічом і асвячоная Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Знаходзіцца ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

Scroll to Top