Святыя Барыс і Глеб

Князі Барыс і Глеб (у хрышчэнні Раман і Давід) – малодшыя сыны вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча, якія першымі на старажытнарускіх землях былі прылічаны да ліку святых (кананізаваны ў 1071 г.). Вераломна забітыя пасля смерці Уладзіміра падчас міжусобнай барацьбы за кіеўскі вялікакняжацкі прастол. Паводле адных звестак, забіты па загаду іх старэйшага брата Святаполка Акаяннага, паводле іншых, – па загаду брата Яраслава.
У старажытнарускай літаратуры святыя дабраверныя князі Барыс і Глеб сталі ўвасабленнем вернасці абавязку і роднай

зямлі. Культ святых братоў быў шырока распаўсюджаны. Пісаліся і шанаваліся іх іконы, ім прысвячалася мноства храмаў, у тым ліку на беларускіх землях. Храмы ў гонар Святых Барыса і Глеба былі пабудаваны ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Гродне. Гродзенская Барысаглебская (Каложская) царква – унікальны помнік мураванага старажытнабеларускага дойлідства, адзіны храм Гродзенскай архітэктурнай школы, які часткова захаваўся. Пазней пры ім існаваў і Барысаглебскі мужчынскі манастыр (вядомы з 1480-х гг.).

Scroll to Top