Князь Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч

Праваслаўная Царква ў Вялікім Княстве Літоўскім да сярэдзіны XVI ст. значна ўплывала на палітычнае, грамадскае і культурнае жыццё. Ёй аказвалі падтрымку (рабілі значныя зямельныя і грашовыя ўклады ў манастыры і храмы, фінансавалі выданне богаслужэбных кніг, пісанне ікон і інш.) вядомыя прадстаўнікі праваслаўных магнацкіх і шляхецкіх родаў: Хадкевічаў, Агінскіх, Сапег, Алелькавічаў, Астрожскіх і інш.

Хадкевічы – магнацкі род уласнага герба “Касцеша”, асобныя прадстаўнікі роду карысталіся гербам “Грыф з мячом”. Будавалі цэрквы і манастыры (напрыклад, Супрасльскі манастыр, які быў заснаваны ў 1498 г. у маёнтку Хадкевічаў у Гарадку-на-Супраслі), аказвалі ім падтрымку – рабілі значныя грашовыя і зямельныя ўклады на іх утрыманне, у прыватнасці на Лаўрышаўскі манастыр. У 2-й палове XVI ст. перайшлі з праваслаўя ў кальвінізм, а затым у каталіцтва. Збіралі бібліятэкі, архівы. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі роду Хадкевічаў былі абаронцы праваслаўя ў XV–XVI стст. Аляксандр Іванавіч (каля 1457 – 1549) – берасцейскі стараста, новагародскі ваявода, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, – і яго сын Рыгор Аляксандравіч.

Хадкевіч Рыгор Аляксандравіч (? – 1572/73?) – дзяржаўны, ваенны і грамадскі дзеяч, з 1566 г. вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага. Быў прыхільнікам праваслаўя, апекаваўся цэрквамі і манастырамі. З’яўляўся праціўнікам Люблінскай уніі 1569 г. Прыняў у сваім маёнтку Заблудава рускіх першадрукароў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія на яго сродкі выдалі “Евангелле вучыцельнае” (1569) і “Псалтыр з Часаслоўцам” (1570).

“Евангелле вучыцельнае” – першае на беларускіх землях друкаванае Евангелле, выдадзенае на царкоўнаславянскай мове. Уключае творы візантыйскай, балгарскай і старажытнарускай пісьменнасці, у тым ліку “Слова на Ушэсце” свяціцеля Кірылы Тураўскага. Мае прадмову, напісаную Рыгорам Хадкевічам. У экспазіцыі – разварот кнігі з гербам Хадкевіча і пачаткам прадмовы.

Scroll to Top