Мітрапаліт Грыгорый Цымблак

Па ініцыятыве вялікіх князёў Канстанцінопальскі Патрыярхат двойчы зацвярджаў заснаванне Літоўскай
праваслаўнай мітраполіі. Мітраполія існавала ў 1316–1330 гг. пры вялікім князі Гедыміне, скасавана пасля смерці мітрапаліта Феафіла (1330?) і адноўлена ў 1354–1364 гг. па ініцыятыве вялікага князя Альгерда.

У 1415–1419/1420? гг. у часы княжання Вітаўта па яго патрабаванні мітраполія была адноўлена без згоды Канстанцінопаля. Новагародак стаў рэзідэнцыяй Мітрапаліта Кіеўскага ў Вялікім Княстве Літоўскім Рыгора Цамблака. Аб гэтым сведчыць Нікіфараўскі летапіс – помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці XV ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-Літоўскага летапісу 1446 г.

Рыгор I Цамблак (каля 1364–1419/1420?) – праваслаўны царкоўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага,
мітрапаліт Кіеўскі (1415–1419/1420?), пісьменнік. Балгарын па паходжанні, пляменнік мітрапаліта Кіпрыяна і, верагодна, сваяк Тырноўскага патрыярха Яўфімія. Атрымаў царкоўную адукацыю на Афоне (Грэцыя). Пасля 1393 г. (захоп Тырнава туркамі і падзенне Балгарскага царства) займаў царкоўна-адміністрацыйныя пасады
ў Канстанцінопалі, Малдове, Сербіі. У 1406 г. быў выкліканы мітрапалітам Кіпрыянам ў Маскву, але па дарозе даведаўся пра смерць Кіпрыяна і застаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе набыў вядомасць як вучоны кніжнік і прапаведнік. У 1415 г. на царкоўным саборы ў Новагародку быў абраны самастойным Мітрапалітам
Кіеўскім ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пастаўленне было некананічным, аднак садзейнічала ўнутранаму ўзмацненню дзяржавы. Да найбольш значных падзей перыяду яго кіравання належаць перанос у 1416 г. мітрапаліцкай кафедры ў Вільню (рэзідэнцыя ў Навагародку) і ўдзел у Канстанцкім саборы 1414–1418 гг.
Літаратурная творчасць (жыціі, пропаведзі, пахвальныя словы) ставіць яго ў шэраг выдатных дзеячаў царкоўнаславянскай і старабалгарскай культуры.

Scroll to Top