Царква Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах
Канец XV – пачатак XVI ст.
Макет. Маштаб 1:100
Царква Святога Архангела Міхаіла – помнік праваслаўнага культавага дойлідства, храм абарончага тыпу. Пабудавана ў вёсцы Сынкавічы (сучасны Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці) у канцы XV – пачатку XVI ст. Менавіта ў гэты час на беларускіх землях узнікае арыгінальны тып храма – храм-крэпасць, фланкіраваны чатырма вуглавымі вежамі. Яго з’яўленне звязана з тым, што беларускія землі часта былі арэнай ваенных дзеянняў.
Адным з першых храмаў абарончага тыпу стаў перабудаваны ў 1494–1505 гг. Сафійскі сабор у Полацку (у далейшым неаднаразова перабудоўваўся і згубіў свой абарончы характар). Вядомы яшчэ 4 падобныя царквы, якія з’явіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў адзначаны перыяд: у Полацку (не захавалася), у Сынкавічах (Свята-Міхайлаўская), у Мураванцы (Ражджаства Багародзіцы) і ў Супраслі (Дабравешчанская).
Цэрквы абарончага тыпу – арыгінальная з’ява праваслаўнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XV – пачатку XVI ст. Спалучалі рысы візантыйска-старажытнарускага крыжова-купальнага храма, заходнееўрапейскія гатычныя канструкцыі, мастацкія прыёмы мясцовай замкавай архітэктуры. Мелі зальную чатырохслуповую трохнефавую структуру з роўнай вышынёй усіх нефаў, перакрытых нервюрнымі скляпеннямі, якія стваралі вытанчаны карункавы матыў. Уяўлялі сабой прамавугольны аб’ём, у плане блізкі да квадрата, на вуглах фланкіраваныя цыліндрычнымі баявымі вежамі. Верх сцен апярэзваў шэраг навясных байніц-машыкуляў. Дэкаратыўнае вырашэнне цэркваў было заснавана на кантрасце чырвонага колеру адкрытай муроўкі з выбеленымі плоскімі арачнымі нішамі. Асноўны дэкаратыўны элемент рабіўся на шчыце галоўнага фасада: нішы разнастайных форм утваралі маляўнічую ярусную кампазіцыю, што ўвасабляла сабой ідэю нябеснага заступніцтва. У мастацтвазнаўстве гэты гісторыка-культурны феномен вызначаецца як беларуская готыка.