Музейная калекцыя “Дакументы і друкаваныя выданні” пачала фарміравацца ў 1977 годзе (Дакумент. Індульгенцыя Антонія з Божай міласэрнасці Тускуланскага епіскапа, генеральнага вікарыя папскай рымскай курыі… 12 красавіка 1766 года).
Падзяляецца на наступныя падкалекцыі: “Дакументы”, “Друкаваныя выданні”. У склад музейнай калекцыі ўваходзяць актавыя, справаводныя і асабістыя дакументы (рукапісныя, машынапісныя, друкаваныя) па гісторыі традыцыйных і нетрадыцыйных канфесій; друкаваныя выданні (улёткі, буклеты, праграмы, запрашэнні); дыпломныя і курсавыя работы, рэфераты, дысертацыі кандыдацкія і доктарскія па праблемах філасофіі, культуры і гісторыі рэлігіі; асабістыя дакументы (пасведчанні, пашпарты, граматы). Вялікую падгрупу складаюць прадметы, якія сведчаць аб узнікненні і развіцці барацьбы з рэлігіяй у савецкай дзяржаве, аб узнікненні новых святаў і абрадаў. Найбольш каштоўнымі музейнымі прадметамі ў музейнай калекцыі з’яўляюцца:
- дакумент. «Autentyk». Рым, 1766 г.;
- кніга метрычная хросту і шлюбу парафіяльнага касцёла ў в.Васілішкі Радуньскага дэканату. 1626-1652 гг.;
- кніга матрыманіяльная метрычная Гальшанскага парафіяльнага касцёла. 1776-1808 гг. і інш.
На 01.01.2025 г. музейная калекцыя “Дакументы і друкаваныя выданні” складаецца з 10746 музейных прадметаў асноўнага фонду і 3735 прадметаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў.