26 снежня ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі традыцыйна адбыўся Калядны дабрачынны ранішнік для выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей — інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця «Казка, расказаная раніцай, або прыгоды чароўных нажніц». Для іх падрыхтавалі Калядны канцэрт навучэнцы Музычнай школы №1 г. Гродна. Удзельнікі ранішніка пабывалі на міжнароднай выставе «Maстацтва Karpiniai / Menas выцінанкі», якая адкрылася напярэдадні Калядаў. У працах беларускіх і літоўскіх майстроў выцінанкі галоўнай тэмай з’яўляецца Ражство Хрыстова, Каляды і ўсе атрыбуты гэтага чароўнага свята — ёлка, анёлы, зорка, калядоўшчыкі і, вядома, батлейка, гісторыю яе з’яўлення на нашых землях яны даведаліся на экскурсіі. І нават змаглі ўбачыць сапраўдную ценявую батлейку, дзе выкарыстоўваюцца сілуэты, выразаныя з паперы ў выкананні Хатняга тэатра «Мар’я-Мастачка». З вялікім натхненнем зрабілі папяровага анёла — ён будзе разам з імі ўсе Калядныя дні. Ну і, вядома, ад душы павесяліліся каля прыгажуні — ёлкі, змаглі растапіць усмешкамі холад Зюзі і атрымаць з яго рук падарункі, падрыхтаваныя для сваіх даўніх сяброў музеем гісторыі рэлігіі.









