Пакроўскія вароты. Чатыры вобразы Веткі

29 сакавіка 2023 года ў Вялікай выставачнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі “Пакроўскія вароты. Чатыры вобразы Веткі”. На ёй прадстаўлены стараабрадніцкія іконы (Пакроў, Спас Нерукатворны, Казанскі абраз Маці Божай, Святы Мікола Цудатворац), іконныя абклады (металічныя, бісерныя), богаслужэбныя кнігі (рукапісы і старадрукі), элементы традыцыйнага жаночага стараабрадніцкага касцюма (хусткі-атласкі) ХVII – пачатку XX стагоддзя са збораў установы культуры “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава”. Гэты музей з’яўляецца навукова-даследчым і асветніцкім цэнтрам у галіне традыцыйнай культуры Беларусі і захоўвае калекцыі ўнікальных стараабрадніцкіх ікон, рукапісных і друкаваных кніг, рэгіянальнага тэкстылю. 

Наведвальнікі выстаўкі маюць магчымасць азнаёміцца са спадчынай стараабрадніцкай Веткі – цэнтра царкоўнага расколу канца XVII – XVIII стагоддзяў. У аснове асаблівасцей развіцця культуры Веткі былі трывалыя традыцыі мастацтва Старажытнай Русі, якія былі тут па-свойму зразумелыя, пераасэнсаваныя і захаваныя да нашага часу. Помнікі іканапісу, кніжнай справы і тэкстыльнай вытворчасці перадаюць разнастайнасць рэлігійных і культурных традыцый гэтага ўнікальнага рэгіёна.

Куратары часовай экспазицыі – Ахотніцкая Ірына Васільеўна, загадчык аддзела навукова-фондавай работы; Ганчарук Ігар Генадзевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выстаставачнай работы.

Scroll to Top