Ю. М. Пэн. Цудоўнае адлюстраванне. Жаночы партрэт канца ХІХ – пачатку ХХ ст. (З фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея)

Юрый (Юдэль, Іегуда) Маісеевіч Пэн (1854–1937) – выдатны жывапісец, заснавальнік віцебскай мастацкай школы, настаўнік Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Алены Кабішчар-Якерсон, Заіра Азгура, Алексантэры Ахола-Вало і інш.

На выстаўцы прадстаўлены жаночыя партрэты, пейзажы і прыклады жанравага жывапісу (галоўным чынам яны паказваюць штодзённае і рэлігійнае жыццё яўрэйскай супольнасці). Спецыялісты падкрэсліваюць, што менавіта ў партрэце праявілася ўменне мастака пранікнуць у свет іншага чалавека, раскрыць яго характар.

Пэн стварыў значную галерэю самых розных жаночых партрэтаў. Гэтыя творы прасякнуты асаблівай шчырасцю. У іх майстар паслядоўна дэманструе свой ідэал жаночай прыгажосці, згодна з якім стварае жаночы вобраз з нацыянальнымі, лакальнымі рысамі. Яго жанчыны зусім не выключныя – гэта звычайныя віцебскія дамы і паненкі, якіх ён шмат сустракаў на вуліцах горада, але ў Пэна яны надзвычай паэтычныя. Улюблівы характар не даваў яму магчымасці абмінуць прыгожую жанчыну, ён абавязкова запрашаў яе пазіраваць у сваю майстэрню.

У кожным з партрэтаў гучыць матыў спалучэння класічнай прыгажосці і паўсядзённасці, чысціні ліній і колеравай гармоніі. Майстар з замілаваннем і хваляваннем перадае кожную рысу твару, глыбіню вачэй. Мастак вялікую ўвагу надае таксама аксесуарам, якія не толькі дапаўняюць, але і добра адцяняюць усе рысы жаночых вобразаў.

Прадстаўленыя на выстаўцы пейзажы цудоўна дапаўняюць партрэты і дазваляюць адчуць гарадскую атмасферу таго часу.

Творчасць Ю. М. Пэна адрозніваецца глыбокім філасофскім сэнсам і жыццялюбствам, яна з’яўляецца ўзорам мудрасці і прафесіяналізму.

Куратар часовай экспазіцыі – Ціхаміраў Андрэй Уладзіміравіч, загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выстаставачнай работы.

Scroll to Top