Лірыка кімано

Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі запрашае жыхароў і гасцей горада пазнаёміцца з культурай Японіі!

Японія – краіна з унікальным каларытам і векавымі традыцыямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Будучы адной з найбольш тэхналагічных краін на Зямлі, яна не страчвае сваёй самабытнасці. Японцы, ствараючы сваю культуру, не бароліся з прыродай, а прыстасоўваліся да яе. У гэтых умовах і сфармавалася кімано – японскі нацыянальны касцюм.

Кімано – не проста адзенне. Гэтае ўбранне заключае ў сабе эталон жыцця ў гармоніі з прыродай, падкрэслівае годнасць мужчыны і далікатнасць жанчыны. Існуюць строгія правілы паводзін, паводле якіх лічыцца непрыстойным, калі чалавек, апрануты ў кімано, па неасцярожнасці паказвае ногі ці іншыя часткі цела, утоеныя адзеннем.

На выставе прадстаўлены розныя варыяцыі кімано і паясоў, традыцыйны абутак, сумачкі, посуд, вееры – усё тут з’яўляецца часткай паўсядзённага жыцця японкі. Прадметы належаць Анастасіі Кавалёвай (г. Магілёў), калекцыянеру і папулярызатару Японіі.

Музей гісторыі рэлігіі запрашае вас пагрузіцца ў свет японскіх культурных традыцый, гісторыя якога запісана ў маляўнічым шоўку нацыянальнага японскага касцюма – кімано. Прыходзьце на выставу і дадайце ў сваё жыццё крыху вытанчанасці і прыгажосці!

Выстава працуе штодня з 10:00 да 18:00 (каса да 17:30). Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне + 375 (152) 71-87-07.

Scroll to Top