Пётр Явіч – вучань Юдаля Пэна


Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі запрашае жыхароў і гасцей горада пазнаёміцца з работамі віднага мастака Пятра Явіча.
Творчая спадчына Пятра Максавіча Явіча (5.09.1918-14.10.2008) уваходзіць у скарбніцу беларускага выяўленчага мастацтва. Майстэрства жывапісца арыгінальнае і самабытнае, складае цэлую эпоху ў айчынным мастацтве.
Пётр Максавич Явіч нарадзіўся 5 верасня 1918 г. ў г. Цёрэксентміклаш (Венгрыя). У 1925 г. бацька мастака вярнуўся ў Віцебск, а праз год перавёз з Венгрыі сям’ю. Так з 1926 года пачаўся віцебскі перыяд жыцця Пятра Максавіча. Лёс звёў яго з выдатным мастаком і педагогам Юдэлем Пэнам. На працягу двух гадоў П. Явіч вучыўся ў майстра і да апошніх дзён свайго жыцця з гонарам называў сябе вучнем Ю. Пэна. Гэтая сустрэча вызначыла яго жыццёвы выбар. Пасля заканчэння Віцебскага мастацкага вучылішча вучылішча ў 1938 г. мастак працаваў у Мінску, у Вялікім тэатры оперы і балета, затым у Віцебску – мастаком-рэтушорам у рэдакцыі газеты “Віцебскі рабочы”.
Пётр Максавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі. У 1949 г ён быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Большую частку свайго жыцця пасля Пётр Явіч прапрацаваў у майстэрні Мастацкага фонду БССР у Віцебску.
Мастак  застаўся верны рэалістычнай школе жывапісу. Усе яго карціны напісаны па класічных законах жанру. Ён умеў бачыць прыгажосць і пераносіць яе на свае палотны. У гісторыю мастацтва Беларусі Пётр Явіч увайшоў як майстар партрэтнага жанру, але не менш цікавыя яго пейзажы і нацюрморты.
На выстаўцы прадстаўлены 29 мастацкіх работ у жанры партрэта, пейзажа і нацюрморта, напісаных у 1940-1990-я гады, са збораў сям’і мастака, якія адлюстроўваюць асаблівасці творчай спадчыны Пятра Максавіча Явіча.
Выставачны праект адбыўся пры падтрымцы ўстановы культуры “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”.
Куратар праекта – старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Казуля Сяргей Віктаравіч.
Выстава працуе кожны дзень з 10:00 да 18:00 (каса да 17:30). Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефону + 375 (152) 71-87-07.

Scroll to Top