Святы прарок Ілья ў пустыні

Абраз памерам 5,0х3,7х0,6 см выразаны са стэатыту светлага шэра-зеленаватага адцення. У паглыбленым прамавугольніку – кампазіцыя з выявай прарока Ільі ў пустыні: сярод скал сядзіць засмучаны прарок, твар яго звернуты ўверх, да крумкача, які трымае ў дзюбе хлеб.

Схема кампазіцыі нагадвае іканаграфічныя ўзоры XII–XIII стст. У характары разьбы бачна пэўнае падабенства з творамі візантыйскіх майстроў гэтага перыяду, якія адрозніваліся так ці інакш перададзенай экспрэсіяй. Нязвыклыя формы закінутай галавы, экстатычная поза прарока, высокі рэльеф, абагульненая трактоўка форм, стылістычныя асаблівасці абраза ў параўнанні з іншымі падобнымі творамі дазваляць датаваць яго 1-й трэццю XIII ст.

Над галавой прарока выразаны пазней, у 2-й пал. XVII ст., скарочаны надпіс: “Σ:ІО:Бо:”(“Святы Іаан Багаслоў”) – сведчанне таго, што сюжэт не быў зразумелы і яго вызначылі як выяву святога апостала Іаана Багаслова.

 

Ілья Фесвіцянін (IX ст. да н.э.) – прарок Ізраільскага царства, які праявіў моц сваёй веры ў адзінага Бога ў той час, калі народ па волі ізраільскіх цароў схіліўся да мнагабожжа. Бог паслаў на Ізраіль засуху на працягу трох год. Прарок у гэты час знаходзіўся ў пустыні, ежу яму прыносіў крумкач. Праз тры гады Ілья вярнуўся, каб пасароміць жрацоў Ваала. Ён прынес ахвяру адзінаму Богу, і пасля яго малітвы з неба зышоў на яе агонь, а ўсе намаганні жрацоў звесці агонь на язычніцкую ахвяру засталіся беспаспяховымі. Тады цар Ахаў і ўвесь народ пакаяліся перад Богам. Як сведчыць Свяшчэннае Пісанне, прарок Ілья быў узяты Богам на неба жывым – узнёсся на вогненнай калясніцы. Ён з’явіўся Ісусу Хрысту падчас Праабражэня, каб умацаваць Яго перад будучымі пакутамі.

Scroll to Top