Вадаліў

Вадаліў (акваманіл) – унікальны помнік заходнееўрапейскага прыкладнога мастацтва Сярэднявечча, знойдзены ў Гродне.

У Германіі ў XI–XIII стст. мастацтва бронзавага ліцця перажывала перыяд свайго росквіту. Апрацоўка бронзы ажыццяўлялася ў манастырскіх майстэрнях: з яе выраблялі царкоўнае начынне і прадметы рэлігійнага ўжытку рознага прызначэння. Бронзу выкарыстоўвалі ў царкоўнай архітэктуры, для аздаблення інтэр’ераў храмаў і манастыроў.

Вадалівы першапачаткова з’яўляліся сакральным начыннем – ужываліся для літургічнага абмывання рук. З цягам часу яны знайшлі прымяненне ў багатых дамах і такім чынам набылі бытавое прызначэнне. Самыя раннія бронзавыя экзэмпляры ў выглядзе львоў, сабак, міфалагічных драконаў паходзяць з XII ст.

Гродзенскі вадаліў знойдзены сярод літургічнага начыння Барысаглебскай (Каложскай) царквы. Захоўваўся ў Віленскім музеі старажытнасцей, пазней у музеі універсітэта г. Вільнюса, затым знаходзіўся ў музеі этнаграфіі г. Вільнюса (да 1980 г.). Вадаліў выкананы ў выглядзе рыцара, які сядзіць вярхом на кані з масіўнай кароткай шыяй, шырокімі грудзьмі і моцнымі нагамі. На галаве каня капюшон з адтулінамі для вушэй, які ўжывалі для абароны жывёлы ад стрэл і ўдараў мяча. Паміж вушамі каня ёсць трохвугольная адтуліна для ўлівання вады, якая прыкрывалася вечкам на шарніры. Вада выцякала з рота жывёлы. Як і на многіх узорах XIII ст., вершнік апрануты ў доўгую падпяразаную кашулю без рукавоў, з трохвугольным выразам каўнера. Ніз кашулі разрэзаны на дзве часткі. Вайсковую кашулю з трывалай шаўковай тканіны апраналі ў XIII ст. паверх кальчужнага даспеха для засцярогі яго ад дажджу і сонечных прамянёў. Сагнутай правай рукой рыцар падымае меч (страчаны), левай трымае павады. Плоская ручка пасудзіны выканана ў форме аспіда.

Scroll to Top