Юрый (Юдэль, Іегуда) Маісеевіч Пэн (1854–1937) – выдатны жывапісец, заснавальнік віцебскай мастацкай школы, настаўнік Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Алены Кабішчар-Якерсон, Заіра Азгура, Алексантэры Ахола-Вало і інш.
На выстаўцы прадстаўлены жаночыя партрэты, пейзажы і прыклады жанравага жывапісу (галоўным чынам яны паказваюць штодзённае і рэлігійнае жыццё яўрэйскай супольнасці). Спецыялісты падкрэсліваюць, што менавіта ў партрэце праявілася ўменне мастака пранікнуць у свет іншага чалавека, раскрыць яго характар.
Пэн стварыў значную галерэю самых розных жаночых партрэтаў. Гэтыя творы прасякнуты асаблівай шчырасцю. У іх майстар паслядоўна дэманструе свой ідэал жаночай прыгажосці, згодна з якім стварае жаночы вобраз з нацыянальнымі, лакальнымі рысамі. Яго жанчыны зусім не выключныя – гэта звычайныя віцебскія дамы і паненкі, якіх ён шмат сустракаў на вуліцах горада, але ў Пэна яны надзвычай паэтычныя. Улюблівы характар не даваў яму магчымасці абмінуць прыгожую жанчыну, ён абавязкова запрашаў яе пазіраваць у сваю майстэрню.
У кожным з партрэтаў гучыць матыў спалучэння класічнай прыгажосці і паўсядзённасці, чысціні ліній і колеравай гармоніі. Майстар з замілаваннем і хваляваннем перадае кожную рысу твару, глыбіню вачэй. Мастак вялікую ўвагу надае таксама аксесуарам, якія не толькі дапаўняюць, але і добра адцяняюць усе рысы жаночых вобразаў.
Прадстаўленыя на выстаўцы пейзажы цудоўна дапаўняюць партрэты і дазваляюць адчуць гарадскую атмасферу таго часу.
Творчасць Ю. М. Пэна адрозніваецца глыбокім філасофскім сэнсам і жыццялюбствам, яна з’яўляецца ўзорам мудрасці і прафесіяналізму.
Куратар часовай экспазіцыі – Ціхаміраў Андрэй Уладзіміравіч, загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выстаставачнай работы.






