Вандроўка на Ўсход

Загадкавы Усход здаўна прывабліваў жыхароў Еўропы. Ён, як казка, супрацьстаяў штодзённай руціне: быў чароўным, таямнічым і, разам з тым, небяспечным. На Усходзе адбываліся падзеі, апісаныя ў Бібліі, там, згодна распаўсюджаным уяўленням, знаходзіўся райскі сад Эдэм, жылі фантастычныя пачвары і дзіўныя сваімі звычаямі людзі, а чуткі аб незлічоных багаццях яго валадароў верадзілі розумы еўрапейцаў яшчэ з часоў Антычнасці. На працягу стагоддзяў межы Усходу мяняліся, а яго разуменне было досыць расплывістым і ўключала ў сабе самыя розныя цывілізацыі і культуры на вялікай прасторы ад Малой Азіі да Ціхага акіяну. З асаблівасцямі сакральнага мастацтва Усходу знаёміць наведвальнікаў выстаўка ”Вандроўка на Ўсход”.

Часовая экспазіцыя дзеліцца на пяць раздзелаў. У першым з іх экспануецца мемуарная літаратура з апісаннем падарожжаў і абразы святых апекуноў вандроўнікаў, другі прысвечаны паломніцтву ў Святую Зямлю, трэці знаёміць з амулетамі і традыцыйным адзеннем народаў Сярэдняй Азіі, чацвёрты раздзел прысвечаны Індыі, а пяты – культуры народаў Далёкага Усходу.

Сярод экспанатаў выставы ёсць сапраўдныя рарытэты: кніга “Паломніцтва ў Святую Зямлю” Мікалая Крыштафа Радзівіла (Антверпен, 1614 г.), жаночыя амулеты з Сярэдняй Азіі XIX стагоддзя, будысцкія абразы на тканіне (танкі), кітайскія і японскія статуэткі міфалагічных персанажаў з косці і фарфору.

Выстаўка мае рэлігіязнаўчы і мастацтвазнаўчы характар і разлічана на шырокае кола наведвальнікаў.

Куратар часовай экспазіцыі – Казуля Сяргей Віктаравіч, старэйшы науковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выстаставачнай работы.

Scroll to Top